← да карты

Пра крыніцы і падзякі

Інтэрактыўная карта землеўладанняў Бабруйскага, Рэчыцкага, Мазырскага і Пінскага паветаў Мінскай губерні на мяжы XVIII–XIX стагоддзяў. У яе аснове — планы Генеральнага межавання: кожны зямельны ўчастак размаляваны паводле ўладальніка, з пошукам, гербамі, пазначэннем цэркваў, манастыроў і каталіцкіх касцёлаў і спасылкамі на даведачныя рэсурсы.

Крыніцы

Планы Генеральнага межавання Мінскай губерні (каля 1800)
Планы Бабруйскага, Рэчыцкага, Мазырскага і Пінскага паветаў — падкладка карты; межы і нумарацыя ўчасткаў узноўленыя па іх сканах. Сканы планаў узятыя са зборніка спасылак гісторыка Вячаслава Насевіча: «Планы Генерального межевания: ссылки» (nasevich.net) ↗.
Алфавиты владѣльцамъ повѣтовъ
Паказальнікі ўладальнікаў з нумарамі ўчасткаў і частак плана — для ўсіх чатырох паветаў, транскрыбаваныя цалкам. Выразка запісу з алфавіта паказваецца ў акне ўладальніка.
РГИА, ф. 1350, оп. 312, д. 89 (Минская губерния): Бобруйский — л. 123–125; Речицкий — л. 158–159; Мозырский — л. 205 и далее; Пинский — л. 239 и далее
Экономические примечания к планам генерального межевания
Падрабязныя табліцы да планаў (канец XVIII ст.): для кожнага нумара на плане — уладальнік, частка плана, сёлы, колькасць двароў і жыхароў. Транскрыбаваныя для ўсіх чатырох паветаў; выразка запісу гэтага нумара паказваецца ў акне ўчастка.
РГИА, ф. 1350, оп. 312, д. 89 (Минская губерния)

Сканы алфавітаў і эканамічных прымечанняў атрыманыя дзякуючы праекту «Экономические примечания» (velikie.org) ↗, які алічбоўвае і публікуе матэрыялы Генеральнага межавання.

Каталіцкія касцёлы каля 1800
Слой касцёлаў і кляштараў лацінскага абраду: парафіі Мінскай дыяцэзіі 1798 г. паводле J. B. Chodźko, «Diecezja mińska około 1830 roku» (Lublin, 1998), і даведкі пра асобныя кляштары (спасылкі — у акне кожнага месца).

Як правяраюцца звесткі

Алфавіт і эканамічныя прымечанні — дзве незалежныя крыніцы, і кожная прывязка ўладальніка да ўчастка звераная паміж імі. Калі яны разыходзяцца, прымаецца прачытанне эканамічных прымечанняў, дзе ўладальнік запісаны пры самім нумары, а ў запісе ўладальніка застаецца пазнака «Алфавіт і эканамічныя прымечанні разыходзяцца: …» з нумарам скана. Цяпер ва ўсіх чатырох паветах няма неразвязаных разыходжанняў; некалькі ўладальнікаў, якіх няма ў алфавіце, узятыя з прымечанняў і пазначаныя ⚠.

Прачытанне рукапісных запісаў зроблена па сканах і можа ўтрымліваць памылкі; няпэўныя прачытанні пазначаныя «(?)». Удакладненні вітаюцца — гл. ніжэй.

Падзякі

Дзякуем гісторыку Вячаславу Насевічу за зборнік спасылак на планы Генеральнага межавання (nasevich.net ↗), адкуль узятыя выявы планаў для гэтай карты.
Асобная падзяка Berl за натхненне і прыклад, з якога пачаўся гэты праект — абмеркаванне на форуме ВГД ↗.
Шчыра дзякуем Helena Korovchenko і Paval Hadzinski за дапамогу з прачытаннем рукапісных запісаў: іх удакладненні выправілі імёны ўладальнікаў і прывязку ўчасткаў.

Дапамагчы з удакладненнямі

Заўвагі да прачытання імёнаў, спасылкі і звесткі пра ўладальнікаў, выявы гербаў — усё гэта можна даслаць без рэгістрацыі:

Цяпер асабліва патрэбная праверка Мазырскага і Пінскага паветаў: іх алфавіты транскрыбаваныя нядаўна — Мазырскі, Пінскі.

Часцей за ўсё памылка не ў самім імені, а ў нумары ўчастка: у паказальніку нумары зведзеныя фігурнымі дужкамі адразу да некалькіх радкоў, і нумар лёгка аднесці не да таго ўладальніка. Таму ў праверцы ёсць асобнае поле для выпраўлення нумара і часткі.